БелаРуСь Маладая

БелаРуСь Маладая

Так называлася абласное маладзёжнае свята, якое прайшло ў Салігорску. Яркія і захапляльныя моманты гуляння яшчэ доўга будуць успамінаць уздзенцы, якія акунуліся ў атмасферу песень, танцаў, адкрытых дыялогаў і фарбаў “холі”.

– Свята аб’яднала прадстаў-нікоў творчай і таленавітай моладзі з усіх раёнаў Мінскай вобласці, – расказвае першы сакратар райкама БРСМ Юлія Зяневіч. – Там былі прадстаўлены маладзёжныя субкультуры, вакальна-інструментальныя ансамблі, харэаграфічныя калектывы, маладыя рамеснікі, аўта-, мота- і велаклубы.

Адкрыў мерапрыемства маладзёжны арт-парад “БелаРусь у Сэрцы Маім”, дзе былі прэзентаваны папулярныя ў маладзёжным асяроддзі субкультуры і аб’яднанні (велатрэлісты, скейтбардысты, ролеры, брэйк-дансісты, графісты, бітбоксеры, хіп-хоперы і іншыя). У парадзе прыняла ўдзел і моладзь Уздзеншчыны. У арт-калоне прайшлі ансамбль мажарэтак дзіцячай школы мастацтваў, харэаграфічны калектыў “Уздзяначка” раённага Дома культуры, каманда па чэрлідынгу гімназіі, клуб юных выратавальнікаў-пажарных “НеобУЗДАнные” СШ № 1 імя А. Пушкіна.

Не пуставалі ў гэты дзень і тэматычныя пляцоўкі. Жадаючых паўдзельнічаць у розных майстар-класах было дастаткова. Папулярнасцю карысталася пляцоўка “Школа патрыятызму і мужнасці”, якую прадставіла Уздзенская раённая арганізацыйная структура ДТСААФ. Актывіст пярвічкі Яўгеній Чаглей расказваў, што на рахунку арганізацыі велапрабег і міжраённы аўтапрабег, паказальныя выступленні па стральбе, таварыскія матчы па футболе і баскетболе, сустрэчы ў школах, пошукавая работа.

Запатрабаванымі былі таксама аква-грым, якім займаліся Вольга Лыткіна (вучаніца СШ № 2 імя К. Крапівы) і Валерыя Рудакоўская (валанцёр), стэнд для сямейнага фота, які прадставіў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Апладысментамі ўздзенская моладзь падтрымлівала і выступленне настаўніцы пачатковых класаў гімназіі Вольгі Трыгубовіч, якая выйшла на сцэну ў рамках песеннага конкурсу “Моладзь – за Саюзную дзяржаву”.

Працягам праграмы свята на галоўнай сцэне Салігорска стала выступленне пераможцаў абласнога фестывалю клуба вясёлых і знаходлівых. Затым быў адборачны тур харэаграфічнага конкурсу “Агонь танца”, які аб’яднаў розныя харэаграфічныя стылі танцавальных рухаў. Спаборніц-твы праходзілі ў такіх намінацыях: “Шоу-праграма”, “Брэйк-данс”, “Спартыўная лаціна”, “Усходні танец”.

– У ходзе свята прайшоў і рэспубліканскі праект “Дыялог пакаленняў “Кветкі Вялікай Перамогі”, – працягвае свой аповед Юлія Зяневіч. – Яго ўдзельнікі абмеркавалі пытанні, што тычацца моладзі: працаўладкаванне і першыя працоўныя месцы, замацаванне маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці. Не абмінулі ўвагай і выбары ў Палату прадстаўнікоў.

Завяршылася свята дыскатэкай з удзелам дзі-джэяў з усіх раёнаў вобласці, у рамках якой прайшоў фестываль фарбаў. Прагучалі рэміксавыя музычныя кампазіцыі беларускай і эстраднай тэматыкі.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 3193 раз

Дополнительная информация

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»