Версия для печати

“Вянок” сабраў сяброў

“Вянок” сабраў сяброў

22-24 ліпеня ў Лагойскім раёне прайшоў маладзёжны фестываль актыву Мінскай абласной арганізацыі ГА БРСМ “Васільковы вянок-2016”.

Яго ўдзельнікамі сталі каманды ўсіх раёнаў вобласці, у склад якіх увайшлі актыўныя і крэатыўныя маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў.

Мэта фестывалю – прыцягненне моладзі да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам, садзейнічанне правядзенню масавых спартыўных мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі,  папулярызацыя традыцый маладзёжнага руху, прадастаўленне магчымасці маладым людзям рознабакова праявіць сябе.

– Назва фестывалю сімвалічная, – тлумачыць першы сакратар райкама БРСМ Юлія Зяневіч. – Васілёк, як вядома, з’яўляецца адным з сімвалаў нашай краіны, які ўвасабляе сіняе неба і азёры. Гэта сімвал вернасці і чысціні. Як кветкі васілька пераплятаюцца ў вянку, злучаючыся ў моцны круг, так і маладыя людзі, яркія, таленавітыя, моцныя і смелыя, пераплятаюцца ў адзіны саюз.

На працягу трох дзён моладзь удзельнічала ў розных конкурсах, змагалася ў спаборніцтвах па валейболе і футболе. У квэст-гульні “Падарожжа па роднай краіне” ўдзельнікі выконвалі інтэлектуальныя, творчыя і спартыўныя заданні, праяўлялі кемлівасць у творчым конкурсе “Візітка”.

Сёмы вынік у камандным заліку атрымала каманда нашага раёна, у склад якой увайшлі прадстаўнікі райкама БРСМ, раённай газеты, РДК, СТА “Андрыван”, ТЦ САН, ліцэя, фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Дзешчанскай школы, райспажыўтаварыства, лясгаса.

Якія эмоцыі фестываль падарыў нашым землякам? 

Анжаліка БАРТАЛЕВІЧ, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦ САН:

– Усё спадабалася. Выдатная арганізацыя, мерапрыемствы праходзілі на свежым паветры. Усё было настолькі эмацыянальна, ярка, захапляюча, што тры дні праляцелі незаўважна. Праўда, у спаборніцтвах я не ўдзельнічала, бо чалавек не спартыўны, але падтрымлівала сваіх у час эстафет і выпрабаванняў. 

Ларыса НІКАЛАЕВІЧ, куратар каманды, галоўны бухгалтар РК БРСМ:

– Усё было крута. Камандзе шчыры дзякуй – усе такія яркія, творчыя, пазітыўныя. Асобныя словы ўдзячнасці Яўгеніі Сушкевіч і Ільі Сямёнаву за іх крэатыўнасць. Гэтыя людзі зараджалі каманду бадзёрасцю, падтрымлівалі ўсіх у тонусе. Не магу абмінуць увагай і нашага фатографа, які па праве стаў лепшым у конкурсе “Актыў у фокусе”. Дзякуючы яму, у нас атрымаецца цудоўны альбом, які будзе нагадваць пра час, праведзены на спартыўнай пляцоўцы і з песнямі каля кастра. 

Сяргей ШКОДА, інжынер па лесакарыстанні лясгаса:

– У мяне, напэўна, быў адзін з самых адказных участкаў – кухня. Гатавалі шашлык з кураціны і свініны, смажылі каўбаскі. Нарыхтоўка дроў для вогнішча і яго начное падтрыманне таксама былі на мне. Але мне дапамагалі. Увогуле, каманда ў нас была цудоўная. Мы спявалі, падтрымлівалі адзін аднаго ў конкурсах, перажывалі. З’явілася думка сабрацца яшчэ раз.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 4406 раз

Дополнительная информация

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии