29.12.2020

З новым годам родны край

З новым годам родны край

З Новым годам, з шчасцем новым! 
Дай жа божа, гэты год
(2021)
Каб успомніў шчырым словам 
Працавіты ўвесь народ! 

Якуб Колас

Неяк я ўжо пісаў пра айчынных маладых музыкаў у артыкуле “Музыка.BY” і абяцаў працягнуць свой расповед. І сапраўды, Беларусь багатая на таленты і штогод з’яўляюцца новыя зоркі музычнага небасхілу. Штуршком для напісання працягу канешне стала калядна-навагодняя атмасфера і музыкі на вуліцах, якія дапамагаюць яе ствараць. У дадзеным тэксце хочацца падзяліцца не столькі імёнамі новых ці вядомых музыкаў, колькі рэпертуарам, які стаў гучаць на вуліцах гарадоў, пераходах метро і іншых месцах, дзе з’явілася беларуская музыка на любы густ.

Традыцыі – вось, што яднае любую нацыю. З даўніх часоў беларусы адзначаюць Каляды і Новы год, і таму стандартным рэпертуарам у гэтыя часы з’яюляюцца адпаведныя песні. Але сёлета музыкі зрабілі стаўку на выключна айчынны матэрыял. Калі раней чуліся ў асноўным замежныя песні, то цяпер у асноўным – нашы. Так, сярод самых папулярных у Мінску песень, якія граюць цэлым ансамблем, а зараз стала модна выстаўляць апаратуру і выступаць мінімум дуэтам, а то і цэлым гуртом, з’яўляецца песня з рэпертуару гурта Нейра Дзюбель “З Новым Годам родны край”, гурта Крамбамбуля “Калядная”, “З новым годам”, гурта Палац “Звон звініць”, гурта ”Дразды” “Зіма, зіма, Каляды”, песні Зміцера Вайцюшкевіча “На Каляды”, Віктара Шалкевіча “Такая доўгая зіма”, “Святы Мікалай”, канешне папулярнай застаецца і класіка ад песняроў “Каляда” і шмат іншага. Таксама ў рэпертуары з’явіліся і іншыя, усімі любімыя беларускія кампазіцыі. Неяк іду і чую, як хлопец з дзяўчынай у пераходзе метро “Плошча Перамогі” гралі творы Міхала Агінскага. У размове з вулічнымі музыкамі пачуў, што суайчыннікі, якія чуюць родныя мелодыю і мову, пакідаюць удвая больш грошаў, чым калі чуюць замежнае, вось такі добры трэнд.

Гэта ўсё кажа пра тое, што попыт на айчынную музыку (і не толькі) расце. Неяк зайшоў у кнігарню, а прадавачкі паміж сабой абмяркоўвалі той факт, што каб не беларускія кнігі, дык і заробка б не было, і такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Мы сталі больш любіць сваё, бо зразумелі, што толькі так можна перамагчы навалу СОVID-19, эканамічныя, палітычныя і іншыя наступствы. Толькі абапіраючыся на сваё можна стаць нацыяй, якую паважаюць ва ўсім свеце, і толькі так можна выжыць і захаваць уласную дзяржаву. Я ўжо шмат пра гэта сказаў у папярэдніх артыкулах блогу, таму паўтарацца не буду, а лепш павіншую ўсіх з Калядамі і надыходзячым 2021 годам. Завяршыць гэты невялічкі артыкул хочацца вельмі трапным запаветам з верша Ларысы Геніюш, які падсумоўвае ўсё вышэй сказанае:

За святочным сталом — няхай кожнаму месца
каля вернага сэрца сясцёр і братоў.
Няхай будзе у вас, як ў харошай сямейцы,
ўсім па роўні ў жыцці і куцця, і любоў.

Няхай вера ў любоў, свая мова ў застоллі,
а у думках — зямля, дзе спачылі дзяды,
няхай ўсюды ласкава спрыяе вам доля,
а любоў, чалавечнасць мацуе рады!

31 снежня 2020 г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 542 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»