Версия для печати
15.12.2020

Што неабходна, каб «людзьмі зваццца»

Што неабходна, каб «людзьмі зваццца»

А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
– Беларусы.
Янка Купала

Чарговая тэматыка для блогу была выбрана зусім выпадкова, але не безпадстаўна. Штуршком паслужыў айчынны мастацкі фільм маладога рэжысёра Улады Сяньковай “Два”. Што цікавага ў гэтым фільме, чаму ён прымусіў напісаць артыкул, паспрабую адказаць.

Варта адзначыць, што заўсёды з вялікім інтарэсам стаўлюся да айчыннага кінематографа, пра што ўжо пісаў раней у артыкуле “Айчыннае кіно – справа неабходная”, таму абмінуць стужку не мог. Паказ у кінатэатрах Мінску адбыўся ў 2019 годзе, у тым ліку і на кінафестывалі “Лістапад”. Таксама фільм атрымаў шэраг узнагарод на міжнародных конкурсах і нават заваяваў пэўныя глядацкія сімпатыі. У цэлым адзначу, што работа зроблена нядрэнна, а, ўлічваючы той факт, што здымачны працэс адбыўся за 6 дзён, пры невялікім бюджэце, то нават – выдатна. І тэма актуальная, і псіхалогія людзей раскрыта, і ёсць за што хвалявацца, каму спачуваць, каго засцерагацца і гэтак далей. Глыбіня ў фільма ёсць, і гэта – добры паказчык, але не асноўны. Спойлерыць не хачу, бо лічу, што фільм будзе больш цікавы без майго пераказу сюжэту, таму раю яго паглядзець. Адзінае адзначу, што ж у гэтым фільме мяне зачапіла ў адмоўным сэнсе.

Я ўжо казаў неяк пра тое, што ўся бяда нашага кінематографа, і не толькі яго, у нашай савецкасці, інтэрнацыяналізму, адмаўленні ўсяго нацыянальнага ў сваёй большасці на карысць чужога,- “комплексе непаўнавартасці”. Вось і ў гэтым фільме маладой і таленавітай рэжысёркі ён ёсць, хаця магу памыляцца, бо не ведаю рэальных заказчыкаў карціны, умоў партнёраў па стварэнні кіно ці іншых фактараў, згодна якіх магу быць не правы. Як кажуць: дай Бог, каб я памыляўся. Але выказваю ўласную думку пасля прагляду фільма, якую праецырую, як ужо вышэй адзначыў, на большасць нашых творцаў у розных жанрах, а не толькі на аўтара фільма “Два”. У сюжэце фільма не было нічога беларускага, акрамя аб’яўлення станцыі на роднай мове ў электрычцы і пазнакі вытворчасці. Сюжэт мог адбыцца ў любым мястэчку, відавочна, па аўтарскай задумцы акцэнта на гэтым і не ставілася, у прынцыпе, як і на краіне, у якой жывуць героі. Сюжэт фільма можа прымерыць любая постсавецкая рэспубліка, і каб не некалькі дэталяў, то наўрад ці яго можна было б назваць беларускім. Школа звычайная раённая, але ў фільме чамусьці паводзіны вучняў адпавядаюць амерыканскай манеры. Пішу гэта не з-за таго, што такога не можа адбывацца (кахання паміж вучнямі старэйшых класаў, альбо паміж стэрыйшым школьнікам і настаўнікам, бясконцыя тусоўкі і гэтак далей, найменне геяў). Усё гэта ёсць, але не з’яўляецца асновай, з гэтага не складаецца школьнае жыццё, і тым больш – гэта не ёсць падмурак грамадства, мадэль паводзінаў, якую варта выпячваць. Хаця ўлічваючы сутнасць фільма, магчыма, без гэтага не атрымалася б яскрава раскрыць праблематыку. Сам быў навучэнцам, ды і наведваючы шмат школ па службовай дзейнасці, у тым ліку і раённых, і сельскіх не бачыў, каб адлюстраваныя паводзіны мелі масавы характар, хутчэй за ўсё – гэта зборны вобраз, заточаны на замежнага гледача, а не на свайго. Вось тут і ўзнікае той момант, калі аўтар свядома адмаўляе нацыянальнае, на карысць замежнага, што адразу ставіць фільм у пройгрышны стан, робіць яго непаўнавартасным. Менавіта таму, у сюжэце ёсць гей, бо гэта норма для Амерыкі і Еўропы, можа прасунуць фільм на Захад, але у той жа момант няма нацыянальнай мадэлі каштоўнасцей і паводзінаў, якія маглі б ўяўляць цікаўнасць для роднай публікі. Таксама фільм акрамя амерыканскай лініі, запазычыў кальку падачы такога роду сюжэтаў праз расійскі вопыт. Аўтар не шукала свайго, а карысталася чужым, што зноў-такі зрабіла яе работу другаснай для гледачоў і замежных аўтарытэтаў кінематографа. Фільм зняты ў змрочным расійскім стылі, у якім усё дрэнна і хэпі енду не будзе. Нам даўно пара намацаць свой стыль, магчыма, у аўтара яшчэ ўсё наперадзе. Таксама, галоўныя героі вучаць польскую мову, каб паехаць вучыцца, што адмоўна ўплывае на патрыятычныя пачуцці, бо фільм прапагандуе не сваё, а чужое, магчыма гэта было зроблена наўмысна, для удзелу ў Польшчы на фестывалі “Warsaw Film Festival”, на якім адбылася прэм’ера, але ад гэтага сутнасць не мяняецца. Аўтар выключае нацыянальны складнік на карысць чужога, мяркуючы, што гэта дапаможа вывесці карціну шырэй, але так не бывае. Як паказала практыка, сучасныя беларускія фільмы, якія не маюць нацыянальнага аблічча, у сваёй большасці нікому непатрэбны, бо яны не цікавыя, у першую чаргу, свайму гледачу, і тым больш не будуць цікавыя замежнаму. У адрозненні ад зробленых з беларускім каларытам: “Анастасія Слуцкая”, “Свежаніна з салютам”, “Купала”, “Авнатуры Пранціша Вырвіча” і інш. Гэта адбываецца з-за таго, што беларусы хочуць глядзець пра сваё, а замежнікі пра Беларусь. Бо не існуе ўніверсальнага фільма для ўсіх, ёсць нацыянальнае кіно розных народаў, якое мы любім глядзець за яго адметнасць: індыйскае – з-за танцаў і песень, французкае – за краявіды, гумар і каханне, савецкае – за глыбіню і душэўнасць, амерыканскае – за баявік, супергерояў і інш. Пагадзіцеся, што нікому не цікавыя фільмы, якія не маюць свайго аблічча, дзеянне ў якіх адбываецца ці то ў Амерыцы, ці то ў Расіі, ці яшчэ дзе-небудзь. Таму, лепш было б у фільме “Два” паказаць, як моладзь імкнецца вывучыць сваё, размаўляе на роднай мове, альбо наведвае дадатковыя заняткі, каб здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па-беларуску. А так выходзіць, што мы папулярызуем у фільме польскую і рускую мовы, іншыя культурныя каштоўнасці. Карацей, фільм мог бы стаць значна лепшым, каб быў зроблены на нацыяныльным грунце, з родным адценнем.

Падводзячы вынік варта адзначыць, што мы шмат захапляемся замежнымі гісторыямі і сюжэтамі, нягледзячы на тое, што маем свае, не менш цікавыя, пра што дастаткова пачытаць у кнігах Уладзіміра Караткевіча, Адама Глобуса, Андрэя Федарэнкі, Юры Станкевіча і іншых аўтараў. Мы адзначаем хэлоуін і перапранаемся ў амерыканскіх герояў, нягледзячы на тое, што маем родныя святы і герояў. Мы робім нейкую шаурму ці гамбургер па-беларуску, каб падкрэсліць, што ў трэндзе, хаця маем шмат аўтэнтычных самадастатковых блюд, вывучаем іншыя мовы, забываючы, а часам і прыніжаючы сваю. Мы маем уласную дзяржаву, свой культурны код, але ўвесь час азіраемся на суседзяў.

Пазбавіцца “комплекса непаўнавартасці”, палюбіць сваё: мову, культуру, традыцыі, гісторыю – вось што неабходна нам, каб “людзьмі зваццца”.

П.С. Ведаю, што ў сваёй большасці моладзь, народжаная ў нашай Незалежнай краіне, ужо пазбавілася гэтага комплексу і ведае, што рабіць, куды рухацца, каб вечна жыла Беларусь.

15 снежня 2020 г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 668 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии