26.11.2020

Быць патрыётам – гэта ў першую чаргу быць беларусам

Быць патрыётам – гэта ў першую чаргу быць беларусам

Мець бы жыццё бессмяротнае мне,

Мець бы вечныя, свежыя сілы;

Я аддаў бы ўсё старане,

Старане сваёй роднай і мілай.

Цішка Гартны

Літаральна на мінулым тыдні, наведваючы школу імя Цішкі Гартнага ў Капылі, вельмі карысна пагутарыў з вучнямі і педагогамі ў форме адкрытага дыялогу. Тэма размовы была акрэслена як “Асноўныя напрамкі развіцця Беларусі”. Сюды ўваходзілі і прапановы ў Канстытуцыю, і шляхі развіцця маладзёжнай палітыкі і краіны ў цэлым. Што было адметнага на гэтай сустрэчы, пра што мысліць маладае пакаленне прааналізуем ніжэй.

Дыялог быў вельмі насычаны не толькі інфармацыйнасцю, але і актыўнасцю. Моладзь выказала свае погляды на тыя напрамкі, якія неабходна ўзмацніць, і гэта было вельмі неабыякава, натхнённа, з разуменнем справы. Мяне парадавала і глыбіня разважанняў, хаця ў прынцыпе тут няма нічога дзіўнага, бо школа носіць імя вядомага дзяржаўнага дзеяча, паэта Цішкі Гартнага (Зміцера Жылуновіча).  

Дарэчы, я ў чарговы раз пераканаўся, наколькі мае важнае значэнне называць установы ў гонар вядомых землякоў. Бо кожны раз, наведваючы аб’екты, якія носяць імёны нашых патрыётаў, бачу наколькі яны станоўча ўплываюць на грамадства. Вось і ў школе імя Гартнага мы пачалі з асобы Зміцера Жылуновіча, яго разумення Беларусі, бо, па словах моладзі, немагчыма размаўляць пра развіццё нашай краіны, пэўныя шляхі, без ведання гісторыі і ўсведамлення таго подзвіга, якія зрабілі нашыя айцы – заснавалікі. Тут я цалкам згодны. Мне патлумачылі многія факты з жыцця не толькі Гартнага, але і іншых вядомых дзеячаў, якімі ганарыцца Капыльская моладзь. Распавялі гісторыю стварэння сучаснай Незалежнай Беларусі, якая стала магчымай, дзякуючы многім пакаленням нашых продкаў. Распавялі і пра тое, што большасць дзеячаў нацыянальнага руху ахвяравалі сваім жыццём, каб мы сёння жылі ў сваёй, а не чужой рэспубліцы. Выключэннем не стаў і іх зямляк Цішка Гартны, які загінуў у вар’яцкім доме ў 1937 годзе. Але толькі свая дзяржава можа ўшанаваць памяць герояў, якія яе стваралі, і гэта трэба цаніць, - адзначылі школьнікі. Таксама варта працаваць на тое, каб краіна развівалася, але на падмурку сваёй уласнай культуры, сваёй ідэнтычнасці. Моладзь падкрэсліла, што мы збудавалі ўласную хату і маем прысядзібны ўчастак зямлі, і гэта адбылося, калі мы вырваліся з кватэры савецкагага саюза ў 1991 годзе, і менавіта тады спраўдзілася мара беларусаў пра сапраўдную ўласную дзяржаву, у якой мы гаспадары.

Калі казаць пра змены ў Канстытуцыю, якія пранавалі на сустрэчы, то яны ў асноўным стандартныя, хутчэй за ўсё гэта звязана з набалелымі пытаннямі, якія віруюць у грамадстве, і якія я чую кожны раз, ездзячы па рэгіёнах: пераход да выбараў у Парламент па партыйных спісах, каб надаць палітычным партыям новы імпульс і даць магчымасць прадставіць розныя погляды. Таксама моладзь звярнула ўвагу і на тое, што дзяржаўнай мусіць быць толькі беларуская мова. Усе астанія мовы пераходзяць у нефармальны статус. Адпаведна, пасля вяртання адзінай мовы, па разважаннях удзельнікаў дыялогу, усё справаводства будзе весціся па-беларуску, для навучання па-беларуску не трэба будзе ніякіх заяў, іншыя ўстановы і шыльды на іх усім сваім відам скажуць, што яны беларускія. І вось тут моладзь падышла да асноўнага пасылу, які яны хацелі адрасаваць грамадству. Пасыл гэты заключаўся ў тым, што прыйшоў час быць сапраўднымі патрыётамі, а гэта азначае, што ў першую чаргу трэба быць беларусамі. Надышоў час будаваць Беларусь па змесце, што ў нас усё гатова да сапраўднай беларусізацыі, якую пачынаў іх славуты зямляк, і менавіта гэта адкрые магчымасць да прарыву ў эканоміцы, бо толькі павага да саміх сябе, сваёй культуры, мовы і традыцый можа прывесці да дабрабыту. Цікавы і, мне здаецца, вельмі своечасовы і патрэбны лозунг “Беларусь для беларусаў” пачуў я ад удзельнікаў, але з рэмаркай, што не па крыві і нацыянальных прыкметах, а па сутнасці. Любы чалавек, які прыязджае да нас, ці грамадзянін нашай краіны, павінен прымаць не толькі прапісаныя законы, але жыць па нашых культурных кодах. Усведамляючы сябе беларусам, трэба працаваць на карысць краіны, размаўляць па-беларуску, ведаць гісторыю, шанаваць традыцыі, а ў выпадку небяспекі – стаць на абарону Беларусі. Карацей, паняцце заключалася ў тым, што беларусам можа стаць любы чалавек з планеты Зямля, незалежна ад нацыянальнасці. І прывялі мне прыклад Уладзіміра Мулявіна, які быў рускім, але ўсе яго ведаюць, як Беларуса з вялікай літары. Таксама прагучалі імёны вядомых паэтаў і пісьменнікаў, якія прысвяцілі сябе Беларусі. Прагучалі і прыклады здрады ідэалам Беларусі. У асноўным, гэта тычылася людзей, якія адмовіліся ад сваёй беларускай ідэнтычнасці на карысць іншай, людзей, якія па нараджэнні былі беларусамі, але свамім дзеяннямі разбуралі дзяржаўнасць праз прапаганду іншых каштоўнасцей. Была ўзгадана паланізацыя і русіфікацыя, шкодныя ідэі сучасных “рускаміраўцаў”, прыхільнікаў “карты паляка” і “зялёнай карты” і іншых дэструктыўных арганізацый, якія даводзяць, што наша мова і культура непаўнавартасныя, а дзяржава павіна вярнуцца ці то да Польшчы, ці да Расіі, ці з кімсці аб’яднаццца, каб выжыць. Прыемна, што наша моладзь разумее, што добра, а што дрэнна, і не паддаецца на розныя, варожыя Беларусі, уплывы. Дарэчы, выказалі вельмі цікавую думку пра тое, як адрозніць праўду ад хлусні, асабліва гэта вельмі актуальна ў наш інфармацыйны час, дзе маюць месца розныя фэйкі. Сказалі, што ўсё, што спрыяе ўмацаванню Рэспублікі Беларусь, як незалежнай суверэннай дзяржавы, працуе на папулярызацыю нашай мовы і культуры, захаванне традыцый, з’яўляецца праўдай, а усё, што гэтаму не спрыяе, – хлуснёй. Вось такі лайфхак ад маладога пакалення. Акрамя ўсяго, была выказана думка пра тое, што нам неабходна больш помнікаў нацыянальных герояў. У Капылі ёсць помнік Гартнаму, але гэтага недастаткова, бо варта, каб быў яшчэ і Каліноўскаму, і Быкаву, і іншым дзеячам, бо Леніна помнікі паўсюль, а гэта не справядліва, бо ён амаль не меў дачынення да Беларусі, і яму дастаткова было б пакінуць некалькі помнікаў у сталіцы, як даніну павагі да гісторыі БССР.

Падводзячы вынікі, я ўзгадваю словы Янкі Купалы “На цябе наша моладзь надзея!” і адзначаю, што маладое пакаленне ведае, што яны – беларусы, і разумее, куды варта рухацца, каб вечна жыла Беларусь.

У адказ моладзь з ліку ўдзельнікаў дыялогу цытуе на памяць радкі Цішкі Гартнага, як запавет кожнаму патрыёту нашай роднай Беларусі:

А дзе трэба было б заплаціць

Дзеля шчасця народа сабою,

Я хутчэй пастараўся там быць

І сваёй адкупіцца душою…

 

25 лістапада 2020г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 658 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»