Версия для печати
03.11.2020

Час для чытання. Частка другая

Час для чытання. Частка другая

Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці,

ведаў і навукі, лекі для душы.
Францішак Скарына

Немагчыма не пагадзіцца з цытатай Францішка Скарыны, асабліва падчас другой хвалі COVID-19, якая крочыць па нашай роднай Беларусі. Таму трэба ў чарговы раз быць асцярожным і не забываць пра меры бяспекі, выкарыстоўваць маскі, трымацца дыстанцыі, мыць рукі і інш.

Неяк я ўжо пісаў пра ўласны топ мастацкіх кніг, якія можна пачытаць на самаізаляцыі і не толькі. Па просьбах чытачоў блогу, многіх сяброў, паплечнікаў, жыхароў маёй дэпутацкай акругі, пазначаю ўласны топ навукова-папулярных кніг, якія будуць цікавыя кожнаму беларусу, бо час для чытання прыспеў.

Пачаць хочацца з выдання “Беларускі кнігазбор” у якім змешчаны працы акадэміка Язэпа Лёсіка, чалавека, які стаяў ля вытокаў не толькі Беларускай акадэміі навук, а і нашай дзяржаўнасці. У выданні сабраны не толькі навуковыя, але і публіцыстычныя тэксты акадэміка, што надае асаблівы каларыт, які пагружае не толькі ў сферу навуковых інтарэсаў, а і грамадска-палітычную дзейнасць таго часу, дапамагае адчуць эпоху стварэння беларускай дзяржавы, а таксама тыя патрыятычныя пачуцці, якімі прасякнуты кожны радок кнігі. Многія тэксты з’яўляюцца надзвычай актуальнымі і сёння, што выклікае дадатковы інтарэс.

Працягнуць падборку хочацца кнігамі з маёй прафесійнай сферы. Цікавымі шырокаму колу чытачоў будуць навукова-папулярныя кнігі прафесара Пятра Гуда. Калі казаць пра гэтага аўтара, вядомага рэжысёра свят, стваральніка ўнікальнай кафедры рэжысуры абрадаў і свят, на якой мне пашанцавала не толькі вучыцца, але і пасля працаваць, дзякуючы майму настаўніку Пятру Гуду, то варта падкрэсліць яго шчыры патрыятызм, любоў да роднай мовы і культуры Беларусі. Улічваючы тое, што большасць кніг Пятра Гуда маюць выключна прафесійны накірунак, пералічым тыя, якія могуць быць цікавы кожнаму, хто нарадзіўся і жыве ў Беларусі. Гэта “Беларускі кірмаш”,“Беларускае купалле” і “Мастацтва феерверкаў”. Усе гэтыя працы напісаны навукова – папулярным стылем, лёгка чытаюцца і носяць вельмі інфарматыўны характар па акрэсленых тэмах і гісторыі Беларусі ў цэлым.

Сярод пералічаных аўтараў немагчыма не ўзгадаць вядомага археолага, кандыдата гістарычных навук Міколу Плавінскага. З гэтым вядомым навукоўцам мяне звязваюць не толькі яго працы і ўдзел у археалагічных летніках, а і сяброўства. Ягонай дзейнасці быў прысвечаны артыкул у маім блогу “Навука, якая ўмацоўвае дзяржаўнасць”. Многія ягоныя працы адрасаваны прафесійным гісторыкам і археолагам, але ёсць сярод іх і папулярныя кнігі па гісторыі, выдадзеныя “Дзіцячай энцыклапедыяй”: “Як жылі продкі”, “Шляхамі вікінгаў у Беларусі”, “Ваяры Беларусі Х-ХІ ст.”. Гэтыя кнігі між іншым аздоблены шыкоўнымі малюнкамі, гравюрамі, фотаздымкамі і з’яўляюцца сапраўдным шэдэўрам сучаснай паліграфіі. Акрамя гэтага хочацца адзначыць і кнігу “Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі”, якая будзе цікавая ўсім, хто хоча пабываць на археалагічных раскопках, ці магчыма, ужо бываў, альбо проста аматарам айчыннай гісторыі. Як адзначае аўтар: “Назва кнігі практычна цалкам адлюстроўвае яе змест, а вандроўка ў мінуўшчыну стане адначасова і карыснай, і захапляльнай, а выдаткаваны на чытанне час не будзе змарнаваны дарма”. Ад сябе асабіста дадам, што гэта сапраўды так.

Пасля Міколы Плавінскага, па маёй уласнай думцы, варта прачытаць кнігі, таксама кандыдата гістарычных навук, Міколы Волкава. Гэты малады даследчык у навукова-папулярнай форме распавёў пра артылерыю Нясвіжскага замка ў аднайменнай кнізе. Наогул, калі казаць пра гэтага аўтара, то ён яшчэ і вельмі цікавы лектар, і сур’ёзны даследчык, навуковыя працы якога маюць сур’ёзную вагу ў акадэмічнай супольнасці. Ягоная манаграфія “Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у ХVI – ХVIII стст.”, сапраўдны мегахіт як для прафесіяналаў, так і для ўсіх, хто цікавіцца нашай гісторыяй, што пацверджана рэкорднымі продажамі кнігі. Таксама хочацца падкрэсліць уласнае знаёмства з гэтым выбітным гісторыкам, якое пакідае самыя лепшыя ўражанні ад яго як грамадзяніна і патрыёта.

Хачу падзяліцца і кнігай, якую не магу абмінуць, бо яна распавядае пра аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай нацыі – Кастуся Каліноўскага. Я ўжо неяк пісаў пра яго значэнне ў пабудове нашай дзяржавы і сваё асабістае стаўленне на старонках блогу ў артыкуле “Герой, які перамагае”, з нагоды яго дня народзінаў. А цяпер час прыгадаць кнігу, якая на мой погляд максімальна яскрава раскрывае перад намі асобу нашага героя, слаўнага сына Бацькаўшчыны, паўстанца і змагара за вольную Беларусь – Кастуся Каліноўскага. Праца Васіля Герасімчыка “Канстанцін Каліноўскі: Асоба і легенда”, надзвычай цікава распавядае пра нашага славутага земляка, яго шлях да Беларусі, ідэі, перакананні і барацьбу за наш народ і краіну. Кніга ўнікальная асабістым падыходам аўтара да праблематыкі, мае шэраг цікавых дакументаў і з’яўляецца яскравым прыкладам ушанавання памяці Каліноўскага (выдадзена да юбілея), чалавека, які паклаў жыццё за тое, каб мы сёння жылі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь.

Дарэчы, вельмі цікава будзе пазнаёміцца і з сутнасцю і значэннем беларускага арнаменту, сакральнымі сімваламі нашага народу, графічным кодам нашай нацыі, які абагульніў Міхаіл Кацар у кнізе “Беларускі арнамент”. Вытрымкі з кнігі гуляюць па прасторах інтэрнэта, арнаменты, апісаныя ў ёй, выкарыстоўваюцца моладдзю пры друку рознай прадукцыі: ад цішотак да банераў і блакнотаў. Кніга багатая на малюнкі, бо без іх цяжка ўявіць прыгажосць нашай сімволікі. А таксама важна адзначыць, што менавіта Міхаіл Кацар адыграў ключавую ролю ў з’яўленні арнаменту на сцягу БССР. Даследчык імкнуўся падкрэсліць самабытнасць рэспублікі, унікальнасць традыцый беларускага народу, тысячагадовай гісторыі Беларусі і вылучыць нашу краіну з патоку тыпавых сцягоў іншых рэспублік СССР , бо сцяг з арнаметам быў толькі ў нас. Зроблена гэта было, каб мы ведалі свой генетычны код і ніколі не забывалі, што мы – беларусы. Дарэчы, арнамент быў вынайдзены ягонай сястрой Матронай і азначаў “Узыходзячае сонца”. Даследчык не памыліўся і нашае сонца ўзышло, калі мы атрымалі сваю незалежнасць ад СССР у 1991 годзе. Прыйшоў новы час у нашай гісторыі, які патрабаваў новых гістрычных сімвалаў, але ўнёсак Міхаіла Кацара ў беларускую дзяржаўнасць, захаванне спадчыны, будуць жыць не толькі ў яго працах, але і ў памяці многіх пакаленняў беларусаў.

Напрыканцы хачу парэкамендаваць пачытаць кнігу самадзейнага, але вельмі геніяльнага гісторыка Міколу Ермаловіча, які першым у сучаснай Беларусі, напісаў навукова-папулярную кнігу “Беларуская дзяржава: Вялікае Княства Літоўскае”, якая стала бестселерам і ўпершыню распавяла беларусам адкуль сягаюць карані і вытокі нашай дзяржавы ў простай для ўсіх форме, а таксама дапамагла зразумець, што мы не прыблуды якія, не частка Польшчы і Расіі, а шматмільённы народ – беларусы, са сваёй уласнай гісторыяй і дзяржаўнай пабудовай, якая мае гістарычны падмурак.

На гэтым буду завяршаць, бо ў нас вельмі шмат добрых навукоўцаў, даследаванні якіх будуць цікавыя грамадскасці, а блог мае свае межы. Але ўсё ж такі яшчэ трохі пералічу гэтых творцаў, кандыдатаў і дактароў навук, якія не ўвайшлі ў асноўную частку: Алесь Краўцэвіч з ягонымі папулярнымі кнігамі “Гедымін”, “Гісторыя ВКЛ” і інш., Алег Трусаў з кнігай “Беларусь у яе этнаграфічных межах”, Генадзь Сагановіч “Нарыс гісторыі Беларусі”, Вацлаў Ластоўскі “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, Аляксей Елісееў “Зміцер Жылуновіч: Чырвоны адраджэнец”, Васіль Ліцьвінка “Святы і абрады беларусаў” і шмат іншых.

Спадзяюся, пасля прачытання артыкула кожны сам вызначыць, з чаго ён хоча пачаць уласнае знаёмства з гісторыяй і традыцыямі нашай роднай краіны, каб ведаць хто мы, адкуль прыйшлі і куды павінны рухацца, каб вечна жыла Беларусь!

03 лістапада 2020г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 761 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии