30.12.2019

Цуд на Каляды!

Цуд на Каляды!

Цуд на Каляды – гэта ўжо даўно ўстойлівы выраз, не толькі ў традыцыйным выяўленні свята Каляды ці ў адпаведнай музыцы (узгадваецца аднайменная песня з альбома “Святы вечар”), але і ў шматлікіх акцыях БРСМ, падчас якіх адбываецца шмат добрых спраў, мерапрыемстваў, культурна-масавых праграм, шоу, святочных дзей, важных не толькі для дзяцей, але і для кожнага жыхара нашай роднай Беларусі.

Варта падкрэсліць, што Каляды – гэта зборная назва, у якую ўваходзіць і язычніцкі абрад, і Нараджэнне Хрыстова, і Новы год.

Ужо было шмат сказана пра святочныя традыцыі нашых продкаў у мінулых публікацыях, якія захоўваюцца, перадаюцца і трансфармуюцца сёння, але тэма Калядаў для кожнага беларуса – гэта сямейная, сакральная традыцыя, пра якую хочацца казаць больш. Менавіта дзякуючы добрай традыцыі, мы штогод хочам парадаваць падарункамі сваіх блізкіх, сяброў, калег, падводзім вынікі года ў святочнай атмасферы, не шкадуем часу, грошай і іншых высілкаў на адзначэнне гэтых падзей. “Мы з дзяцінства чакаем Калядаў”, як гаворыцца ў вершы Міхала Анемпадыстава, імкнемся ўдзельнічаць у абрадах каледавання, якія дайшлі да нас ад продкаў, пераапранаемся ў мядзведзя, казу, разыгрываем цікавыя сцэнкі, варожым і, канешне, перадаём традыцыю больш маладому пакаленню.

“На Каляды было вельмі весела, шумна, - узгадвае жыхарка вёскі Чаркасы Яніна Ермаловіч. - Я доўга чакала свята, старанна рыхтавалася, шукала вобразы для пераапраннання, бо гэта было галоўнай адметнасцю ў вёсцы. Пераапраналася так, каб немагчыма было мяне пазнаць. Я разам з сябрамі вадзіла Казу, спявала калядныя песні. На вуліцы ў калядную ноч быў вялікі рух, знімалі і зносілі веснічкі, мянялі іх паміж гаспадарамі, я разам з іншымі дзяўчатамі варажыла на сваё будучае, пякла аладкі, потым прыходзілі хлопцы і прыводзілі “ігорнага сабаку”(пераапрануты жыхар вёскі) і мы ўсе ў насцярожанасці чакалі каго ён схопіць, а хлопцы не драмалі ў гэты час, яны замыкалі хату, лезлі на страху і закрывалі шклом комін. Увесь дым валіў у хату, я гляну ў комін, а там светла, пасля хлопцы адчынялі хату і ўсе працягвалі весяліцца”.

Дарэчы, варта адзначыць, што ў Беларусі калядная абраднасць захавана амаль у архаічным відзе, яшчэ з язычніцкіх часоў, што падкрэслівае шанаванне беларусамі сваіх традыцый.

Калі казаць пра святкаванне Нараджэння Хрыстова, то пагадзіцеся, што няма амаль ніводнай сям’і, якая б не адзначала нараджэння сына божага, збаўцы, не наведвала касцёл ці царкву, не упрыгожвала ялінку, не глядзела батлейкі ў гэтыя святочныя дні. Божае нараджэнне – гэта неад’емная частка нашага менталітэту, традыцыя, якая робіць нас адзіным народам. Як адзначыў у сваім артыкуле Аляксандр Сакалоўскі: “Беларусь — унікальнае месца, дзе адзначаецца Раство каталіцкае, Новы год і Раство праваслаўнае. І па сутнасці Беларусь яднае ўсе канфесіі, традыцыі і сучаснасць — так, як усе народы на ўсе часы аб’яднала само нараджэнне Іісуса Хрыста”.

Калі казаць пра адзначэнне Новага года, то гэтая традыцыя ў нас з’явілася адносна нядаўна, бо раней нашыя продкі лічылі, што новы год пачынаецца ўвесну, калі прырода ажывае, абуджаеццца пасля зімовай спячкі. Традыцыя адзначаць Новы год у ноч з 31 снежня на 1 студзеня бярэ свой пачатак на нашых землях у 1583 годзе, калі кароль Сцяпан Батура сваім загадам увёў новы Грыгарыянскі каляндар у Рэчы Паспалітай. Цяпер Новы год для кожнага – гэта добрая нагода падвесці вынікі года, вызначыцца з планамі на наступны, загадаць жаданні перад ёлкай, паверыць у цуды, павадзіць карагоды і пагукаць Дзеда Мароза ці Зюзю, як каму больш падабаецца. Галоўнае, што ёсць выбар, які грунтуецца на нашай традыцыі.          

27 снежня 2019г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 1432 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»