10.10.2019

Цана хлеба

Цана хлеба

Прысвячаецца ўсім, хто працуе

для забеспячэння харчовай бяспекі Беларусі

Набыць хлеб у наш час не складана, ды і цана на яго невысокая, па кішэні кожнаму. Але калі прыгледзецца, то разумееш, што кошт хлеба нашмат даражэйшы. Калі ўзяць чыстую эканоміку, то цана – гэта грашовае выяўленне каштоўнасці прадукту, а кошт уключае ў сябе ўсю працу, сканцэнтраваную ў тавары: ад падрыхтоўкі поля да выпякання хлеба. Купляючы хлеб, мы не часта задумваемся, колькі трэба часу і сілы, каб ён з’явіўся ў нас на стале. Праца хлебаробаў, а гэта зборнае паняцце, розных спецыялістаў пачынаецца з падрыхтоўкі поля для пасеваў, самога пасеву жыта, пшаніцы, апрацоўкі ўраджаю, яго збору, пераапрацоўкі, работы пекараў, - і гэта толькі маленькая частка цяжкай работы, якая патрабуе скардынаванай дзейнасці і шмат намаганняў. Таму варта памятаць пра высокі кошт хлеба, цаніць яго. Адно з беларускіх паданняў распавядае нам аб тым, што першы колас нам даў сам Гасподзь, ён кінуў яго сабаку, які вельмі хацеў есці, але ён не стаў чапаць падарунак Бога, а аднёс яго свайму гаспадару – чалавеку, які пасеяў гэтае зерне. Так у людзей з’явіўся хлеб. З цягам часу жытнёвы хлеб стаў галоўным складальнікам у паўсядзённай ежы нашых продкаў. Ураджай жыта і зараз дае надзею на добрае жыццё ў будучым годзе, а сноп з’яўляецца адным з сімвалаў багацця і ўрадлівасці.

           У маім жыцці і жыцці маёй сям’і хлеб займае асаблівае месца. Я не магу сабе ўявіць стол, як і большасць беларусаў, без хлеба. Хлеб – гэта багацце, бо як кажа народная прыказка: “Без золата пражывеш, а без хлеба - не”, - і гэта варта памятаць.

З асабістага скажу, што літаральна на мінулым тыдні мой тата пачаставаў мяне сваім хлебам, які праўда быў не з сапраўднай печкі, а з хлебапечкі, але самае галоўнае на мой погляд, што ён быў зроблены з жыта, якое ён вырасціў на палях сваёй малой радзімы, вёскі Вішэўка, Бярэзінскага раёна, там, дзе калісьці яго вырошчвалі нашыя продкі і выпек яго па тых самых рэцэптах, якія перадала яму ў спадчыну мая бабуля, татава мама, а ёй яшчэ раней яе мама, - і так да самага пачатку. Для таты гэты хлеб - напамін пра дзяцінства, даніна павагі бацькам, дарэчы, для мяне таксама. Я памятаю тыя часы, калі, прыязджаючы ў вёску, асабліва падчас збору ўраджаю, бабуля выпякала хлеб. Хлеб той быў настолькі сапраўдны, духмяны, смачны, незабыўны, што і зараз зрэдку мне сніцца. Узгадваю, наколькі быў карысны такі пачастунак, бо нішто так не дапамагае ў працы, не дадае моцы, як кавалачак хлеба, прыгатаванага адмыслова для цябе, зробленага па старадаўніх рэцэптах, хлеба, які сапраўды духмяны, бо ўвабраў у сябе дух тваіх продкаў, іх веды, моц, запал і энергію, якая натхняе на добрую працу дзеля сям’і, людзей, Бацькаўшчыны.  

Хлеб у таты дарэчы атрымаўся вельмі смачным і пасаваў да баршча і кавалка ўласназасоленага сала, і цыбулі ўласнавырашчанай. Як казала бабуля: “Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы”. Так і атрымалася. За смачным абедам прыгадалі і продкаў, і прыказкі пра хлеб, якія ведалі і памяталі з дзяцінства: “Хлеб у доме - гаспадар, на працы - сябар, у дарозе - таварыш", - любіў паўтараць мой дзед. “Колькі ні думай, а лепш хлеба сам не прыдумаеш”, - узгадаў мой тата. “Хлеб усяму галава”, - было напісана ў сталоўцы школы, дзе я вучыўся. Прыгадаліся і народныя святы – Зажынкі і Дажынкі, цяжкая сельская работа продкаў, калі не было такіх высокатэхналагічных прылад працы, як сёння. Добрым словам і падзякай узгадаліся і людзі, якія сёння працуюць у аграпрамысловым комплексе і забяспечваюць нашую харчовую бяспеку. Памятаю, як прыйшоў вучыцца на кафедру рэжысуры, абрадаў і свят ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў і на першым курсе, здаючы іспыт па традыцыйнай беларускай культуры, выцягнуў першым пытаннем якраз абрад завівання барады, што адбываецца на Дажынкі, тады яшчэ не ведаючы, што атрымаецца пабываць на гэтым свяце, і не адзін раз. Памятаю свае першыя Дажынкі ў Маладзечна, якія пакінулі шмат уражанняў, пазітыўных эмоцый і атрыманага вопыту. Такое не забываецца. Дажынкі народнае свята, якое мае шматвекавую традыцыю і не губляе актуальнасці ў наш тэхналагічны час, бо беларускі народ ведае сапраўдную цану хлеба.

10 кастрычніка 2019г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 1801 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»