17.07.2019

МУЗЫКА.BY

МУЗЫКА.BY

Калі ты слухаеш “Новую альтэрнатыву”,

ты выбраў правільную музыку.

Вітаўт Мартыненка

Мне здаецца, што няма ніводнага чалавека ў нашай краіне, які б не любіў музыку ці песню. Беларусь – гэта радзіма выдатных кампазітараў, спевакоў, песняроў. Песня ў нас жыве ад нараджэння, бо, пагадзіцеся, у даўнія часы музыка і спевы суправаджалі любыя дзеянні. Ад збору ўраджаю да іншых сямейна-бытавых абрадаў і, наогул, музыка жыла паўсюдна: у Палацах, і ў Замках і ў простых сялянскіх хатах. Калі ўзгадваць народныя песні, то не хопіць і тысячы радкоў, калі музыкаў і кампазітараў - таксама. Не буду акцэнтаваць увагу на класіцы: Міхале Агінскім, Міколе Равенскім, Ігары Лучанку, ансамблях “Песняры”, “Сябры”, “Верасы” і нават больш сучасных зорках, а хачу засяродзіць увагу на маладых перспектыўных выканаўцах, гуртах, самародках, якія рухаюць беларускую музыку сёння: “Бліны”, “Тутэйшыя”, “Groovedealers”, “Laudans”, “Рэха”, “HARMONIK STYLE ”, “Ягорава Гара”, Таццяна Беланогая, Раман Абрамчук, Стась Чахоўскі і шмат іншых больш-менш вядомых музыкаў, спевакоў, кампазітараў новай генерацыі.

Асабіста мне пашанцавала з многімі з іх быць знаёмымі, першым слухаць новыя кампазіцыі, нават даваць ім ацэнку. Пачнем з панк-гурта “Бліны” з іх цяжкімі гітарамі, сацыяльнымі тэкстамі, накшталт “Гэта маё жыццё”, і непаўторнай харызмай, бо ўжо на першай песні хочацца затанчыць у слэме і цалкам змяшацца з натоўпам, атрымаць імпульс зараду і каласальнага эмацыйнага выбуху, выпусціць пару і адчуць сябе самім сабой. Склад гурта: Вадзім Міхайлоўскі (вакал, бас-гітара), Аляксандр Румянцаў (бэк-вакал, гітара) і Аляксандр Чугуноў (барабаны). Узяць да прыкладу іх бубнача Аляксандра Чугунова (у народзе Чугуна), можна ўвесь канцэрт глядзець, як ён грае на барабанах, складваецца такое ўражанне, што ён сапраўды з чугуна зроблены, бо ягоны знешні від нагадвае скалу, вялікая барада падкрэслівае брутальнасць і надае рамантыкі, ягоныя моцныя ўдары па барабанах не замінаюць хуткаму рытму панк музыкі, ірванай мелодыкі песень, а наадварот -надаюць асаблівае гучанне іх творчасці, ён - выяўленне вобразу ідэальнага мужчыны, у яго ёсць нават свой фан-клуб, які жыве асобным жыццём, бо пасля выступу абавязкова падбягае натоўп прыгажунь, якім так і карціць узяць у яго аўтограф. “Што ў ім такога незвычайнага?” - скажаце вы. Не магу адказаць, лепш адзін раз пабачыць і пачуць. Дарэчы, ён яшчэ грае ў фольк-гурце “HARMONIK STYLE” і спявае ў народных ансамблях “Неруш” і “Смаката”, папулярызуе беларускія традыцыі і служыў у войску з Максам Каржом, які, якраз пасля знаёмства з Чугуном, пачаў пісаць сваю музыку. Карацей, разнастайны і вельмі таленавіты музыка з новага пакалення.

Калі ўжо ўзгадаў, то чаму больш падрабязна не распавецсі пра фольк-гурт “HARMONIK STYLE”, які выконвае лепшыя народныя хіты з розных рэгіёнаў Беларусі, дае ім новае жыццё і гучанне. Сярод многіх фолькгуртоў, на мой погляд, гэты вельмі цікавы, непаўторны. Разынка гэтага гурта якраз у тым, што ўсе ўдзельнікі вераць у сілу народнай песні і разумеюць для чаго варта захоўваць музыку продкаў. Быць патрыётамі для іх не пусты гук. Тая справа, якую яны робяць, карысная не толькі ў якасці захавання традыцый, а яшчэ і для папулярызацыі традыцыйнай музыкі сярод моладзі, праз якую яны даносяць унікальнасць нашай культуры і любоў да Бацькаўшчыны. У склад гурта ўваходзяць музыкі, знаёмыя па праектах Vuraj, Unia, Nagual, а калі раней пра іх нічога не чулі, то абавязкова паслухайце, дзякуй Богу, у інтэрнэце шмат чаго ёсць.

Карацей кажучы, сучасная беларуская музыка мае шмат плыняў і адценняў, пра якія ў дадзеным артыкуле, каб не парушаць фармат блогу, распавесці не мелася магчымасці, таму абавязкова працяг будзе. Згодна рэжысёрскага банціку, завяршаю, як і пачынаў, словамі вядомага айчыннага музычнага крытыка Вітаўта Мартыненкі, які адзначыў, што “Народ, які не мае сваёй мас-культуры, не будзе мець у наш тэхнакратычны век, культуры ніякай”. Падсумоўваючы, хочацца сказаць толькі адно: слухайце сваю Музыку.BY, як модна казаць, і не бойцеся адкрываць для сябе новыя імёны нашай маладой і вельмі перспектыўнай сцэны.

17 ліпеня 2019г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 1867 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»