На расчыстцы дарог задзейнічана тэхніка дарожнай службы, камунгаса.
А хто дапаможа ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, адзінокім і адзінока пражываючым пенсіянерам? Дзеці, унукі, сацыяльныя работнікі. А яшчэ – валанцёры “Добрага сэрца” БРСМ.
– Дапамагчы пажылым людзям ачысціць двары ад снегу выйшлі вучні ўсіх школ горада і раёна, – расказвае першы сакратар райкама БРСМ Юлія Зяневіч. – Спрытна яны ўпраўляліся з рыдлёўкамі, шуфлямі. І ўсё гэта рабілі шчыра і з усмешкай.
Адным з дэвізаў маладзёжнай арганізацыі з’яўляюцца словы “Клопат пра пажылых – абавязак маладых”.
– Шмат снегу выпала, – гаворыць настаўнік працоўнага навучання Зенькавіцкай базавай школы Сяргей Навакоўскі. – Мы зрабілі добрую справу. Дзяцей не трэба было ўгаворваць, яны, пабраўшы ў рукі інвентар, накірава-ліся па вызначаных адрасах.
Васьмікласнікі хутка прачысцілі сцежкі ў двор і да дома Івана Іосіфавіча Азаркевіча, Валянціны Мікалаеўны Ліпай. Хутка справіліся са снегам каля дома былых настаўнікаў, ветэранаў працы Лідзіі Пятроўны і Канстанціна Іосіфавіча Хваляў.
Добра папрацавалі і вучні Дзешчанскай школы-сада. Іх працоўны дэсант дапамог справіцца са снежным покрывам Вользе Сцяпанаўне Прымак і Раісе Навумаўне Аксенчык з аграгарадка Дзешчанка. Не абмінулі ўвагай і дом ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Рыгоравіча Курневіча ў вёсцы Цеплень.
– Хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім юнакам і дзяўчатам за іх неабыякавасць, шчырыя сэрцы і жаданне прыйсці на дапамогу, – сказала маладзёжны лідар раёна.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Разам з юнымі памочнікамі сфатаграфавалася жыхарка аграгарадка Дзешчанка Вольга Сцяпанаўна ПРЫМАК; 2. Шчыра падзякаваў зенькавіцкім школьнікам за дапамогу Іван Іосіфавіч АЗАРКЕВІЧ; 3. За работай хлопчыкаў з усмешкай назірала настаўніца-пенсіянерка Лідзія Пятроўна ХВАЛЬ.