11.03.2021

Замалёўкі жыцця

Замалёўкі  жыцця

Час не толькі хутка ляціць, ён яшчэ хутчэй мяняе герояў.

Мне належыць толькі тое, што знікае разам са мной.

Адам Глобус

Шаноўныя сябры, вось і падышоў да завяршэння час працы на пасадзе першага сакратара Мінскага абкама БРСМ. Амаль тры гады праляцелі вельмі хутка, але калі азірнуцца назад, то можна ўбачыць колькі добрага, насамрэч, было зроблена за гэты невялічкі перыяд. Пра разнастайныя праекты, акцыі, мерапрыемствы, напрамкі, рэалізаваныя абласной арганізацыяй, можна пачытаць на сайце і ў папярэдніх артыкулах, тут, у першую чаргу, хачу адзначыць блог, які сапраўды стаў неад'емнай часткай маёй працы. Артыкулы на разнастайныя тэмы, якія тычыліся хвалюючых моладзь пытанняў, мінімум двойчы на месяц з'яўляліся на галоўным інфармацыйным партале Мінскай абласной арганізацыі БРСМ «brsmok.by» і распаўсюджваліся праз сацыяльныя сеткі арганізацыі. Фармат быў абраны не выпадкова, не болеш за 1000 знакаў, хаця былі і выключэнні, бо зразумела, што вялікія тэксты на сайце чытацца не будуць. За два гады і тры месяцы існавання блогу, было напісана 49 артыкулаў, гэта не шмат па мерках прафесіяналаў у гэтай галіне. Але ж, улічваючы плотны графік, лічу не кепскім вынікам, хаця згодны, што тэм магло быць і болей. Ды і моладзь прасіла, каб блог выходзіў штотыднёвва. Памятаю, на сустрэчы з актывам вобласці адзін школьнік адкрытым тэкстам так і сказаў, што ён і многія яго сябры з задавальненнем чытаюць мае разважанні, але ж яны па сучасных мерках выходзяць так рэдка, што не могуць канкурыраваць з іншымі блогерамі. Было б больш публікацый, то і чытачоў прыбавілася б. Мне было прыемна, што блог чытаюць, але ж ён усё ж такі хобі, таму артыкулы публікаваліся па меры магчымасці і па парыву душы. Дзеля статыстыкі скажу, што згодна лічыльніка праглядаў, у сярэднім блог чытала каля 2000 чалавек. Гэта, канешне, не шмат, але ж упэўнены, што тэмы закранутыя ў ім не пакінулі нікога абыякавымі. Дарэчы, напісанае я хачу назваць замалёўкамі жыцця, гісторыямі-разважаннямі, якія могуць быць карыснымі моладзі, альбо проста будуць цікавымі для чытання ў вольны час. Дарэчы, асэнсоўваючы зробленае, асаблівую ўвагу хачу надаць укараненню святкавання «Дня роднай мовы» і рэалізацыі праекта «Беларусь – крыніца натхнення», папулярызацыі мовы, культуры, народных традыцый, у тым ліку праз блог. Спадзяюся, што напрацаванае захаваецца і дапаможа ў працы з моладдзю. Выказваю шчырую падзяку ўсім, хто быў поплеч са мной, дапамагаў, рабіў шмат добрых, карысных спраў дзеля нашай роднай Беларусі. Асаблівую падзяку выказваю калегам з абласнога камітэта: Уладзіміру Багданаву, Ніне Глінскай, Вользе Зязетка, Вользе Варанковіч, Вячаславу Клімковічу, Таццяне Глушко, Валерыі Дарашэнка, Кацярыне Канановіч, Вікторыі Манько, Таццяне Клішэвіч, Аляксандру Заўгародняму. Калегам па раённых каміэтах: Арцёму Жаўнерыку, Насці Чарняўскай, Віалеце Краўцовай, рэдактарам блогу Кацярыне Барысевіч, Уладзіміру Рогаву, Алене Дубавай. Асаблівай падзякі заслугоўвае лідар Саюза моладзі, без якога нічога б не атрымалася, - Дзмітрый Варанюк. Хочацца сказаць, што вышэй пералічаныя людзі не толькі працавалі разам са мной, але і з'яўяліся адначасова і настаўнікамі, бо ў кожнага я нечаму навучыўся. Магчыма, не атрымалася ўсіх узгадаць, але кожнага, хто працаваў у абласной арганізацыі, ведаю, памятаю, цаню і ніколі не забуду, бо нас звязваюць шмат жыццёвых гісторый і сям'я пад назвай БРСМ. Па просьбах чытачоў блогу не буду ставіць кропку, бо, магчыма, дапоўню яго новымі артыкуламі, але гэта будзе ўжо іншая гісторыя. Завяршыць хочацца словамі Ларысы Геніюш, якія, у тым ліку, сталі яшчэ з часоў вучобы ва ўніверсітэце для мяне хрэстыматыйнымі і якімі я завяршаў сваю прамову на пленуме абласной арганізацыі, і якія павінны быць для кожнага патрыёта асновай:

Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі.
А безь яе – зусім ня жыць.

11 сакавіка 2021 г.

Пленум ЦК ГА “БРСМ”

Rate this item
(0 votes)
Read 1490 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»