01.09.2020

У школу з беларускай мовай

У школу з беларускай мовай

Добры дзень у хату! Мы да Вас са школы.

Просім прабачэння, як прыйшлі ня ў час.

Ах, якія ж дзеткі ў Вас? Чыстыя анёлы!

Можа б Вы іх аддалі ў беларускі клас?

Сяржук Сокалаў-Воюш

Сяржук Сокалаў-Воюш

Па факце, дадзены артыкул працяг таго, што быў напісаны год таму, і называўся «У школу з добрым сэрцам». Нагодай паслужыла таксама і адкрыццё беларускамоўнага класа ў горадзе Заслаўі і, спадзяюся, іншых мястэчках. На жаль, сітуацыя з беларускамоўнай адукацыяй штогод пагаршаецца, нягледзячы на пэўны попыт. Залежыць гэта, канешне, і ад месцазнаходжання сямей, якія выбралі для навучання беларускую мову, бо бывае так, што ў пэўным рэгіёне няма ні беларускамоўнага садка, ні беларускамоўнай школы, ні адпаведных груп і класаў, і жадаючых часам не набіраецца, бо іх павінна быць не меней трох, нягледзячы на абсурднасць гэтых патрабаванняў, бо Канстытуцыяй гарантавана права навучацца па-беларуску кожнаму. Вось і прыходзіцца навучацца ў сваёй роднай беларускай дзяржаве на мове суседа – рускай.

Дарэчы, сам прайшоў праз гэтае выпрабаванне, як і ўсе мае сябры, якія пайшлі ў першы клас школы з беларускай мовай навучання, а з чацвёртага класа перайшлі ў рускамоўную, пасля Рэферэндума. Па сёння памятаю, як мы не маглі зразумець, чаму нас сталі вучыць па-руску, чаму «жы-шы» цяпер трэба пісаць праз нейкую нам невядомую літару «и». Я ўжо неяк пісаў, што пасля мы ўсё ж такі ўжо ў свядомым узросце запатрабавалі падручнікі па-беларуску, запаўнялі дзённікі на роднай мове і, канешне, адказвалі на ёй на ўсіх прадметах, але – гэта было пасля.

Лічу, што не правільна было пераводзіць школы і садкі на рускамоўнае навучанне. Бо чым раней засвойваецца пісьмовая мова, тым лепш. Вялікай памылкай было зрабіць рускую другой дзяржаўнай, спасылаючыся на людзей, якія пасля развалу СССР, яшчэ не паспелі ўсвядоміць сябе незалежнымі беларусамі і ўвесь час абапіраліся на нейкія міфы з савецкай мінуўшчыны. Як адзначыў адзін з айцоў-заснавальнікаў беларускай дзяржавы, вядомы акадэмік Язэп Лёсік яшчэ ў 1917 годзе: «Ворагі беларушчыны кажуць: нашто будаваць беларускія школы, калі народ не хоча? Народ… Дзіўная гэта звычка ў людзей – спасылацца на народ там, дзе яно саўсім не дарэчы. У ва ўсіх нашых пытаннях мы звяртаемся да знаўцаў і спецыялістаў, а вот пры дзяржаўным адбудоўванні здавальняемся думкамі такіх майстроў, як народ… Народ добрая рэч, але яму трэба расказаць, растлумачыць, яго трэба спачатку асвяціць. Навучыць, што покі не запануе ў краі яго наша родная беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны і галодны, а ўжо потым клікаць да сябе на параду…». Немагчыма не пагадзіцца з гэтымі словамі. Дзякуй Богу, што за перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, пачынаючы з 1918 году, мы не збочылі са свайго шляху і маем незалежную Рэспубліку Беларусь, але мы і па сёння не ўмацавалі і не абаранілі свой суверэнітэт на 100 %, бо не адваявалі свае пазіцыі на беларускую мову і культуру. Моцная і непахісная толькі тая дзяржава, якая гадуецца ў рэчышчы сваёй, а не чужой моўнай і культурнай палітыкі. Таму стварэнне паўнавартаснай беларускамоўнай адукацыі – гэта адзін з крокаў па ўмацаванні і абароне Беларусі, нават больш моцны, чым войска. Многія запытаюцца: чаму так? Усё проста: бо калі войска не нацыянальна арыентавана, карыстаецца вайсковымі камандамі і сістэмай кардынацыі адной з замежных дзяржаў, у нашым выпадку Расіі, то яно непаўнавартасна, і можа пры агрэсіі з Усходу (не дай Божа) не зразумець гэтага і перайсці на іншы бок, адмовіцца ад абароны бо не будзе мець разумення, з чым змагацца, бо ўспрыме ўсё як частку адной культуры і аднаго моўнага асяроддзя, альбо патрапіць у пастку, улічваючы той факт, што суседзі цалкам разумеюць нашую сістэму абароны. Як кажа народная мудрасць: «З маскалём дружы, а камень за пазухай дзяржы». Адным з такіх абарончых камянёў з'яўляецца і наша мова, таму ворагі як з усходу, так і з захаду, заўсёды імкнуліся яе знішчыць.

Вяртаючыся да беларускамоўнай адукацыі, прыемна адзначыць, што сёлета ў чарговы раз адбываецца пераасэнсаванне ролі беларускай мовы ў многіх маладых бацькоў. Да прыкладу, Насця, а гэта адна з маіх даўніх знаёмых па працы ў Чаркаскім ДК, паведаміла мне, што адчула патрэбу ў беларускай мове і скупіла шмат дзіцячай беларускамоўнай літаратуры, каб пачаць працэс навучання з сям'і, а ў яе трое дзяцей. Сказала, што толькі зараз зразумела, наколькі важная мова, і што гэта адбылося у тым ліку дзякуючы беларускамоўнай арыентаванасці Дома культуры, які я ў свой час узначальваў. Прыемна, што праца дала плён праз гады. І такіх розных прыкладаў магу прывесці шмат. Пра што гэта сведчыць? Думаю пра тое, што народ разбудзіўся, і што сказаў учора – таго не скажа сёння. Народ разумее, што яму абавязкова патрэбна свая, цалкам беларускамоўная адукацыя, якая закладае той падмурак абароназдольнасці, пра які было сказана вышэй.

Таму, заклікаю ўсіх бацькоў, не быць абыякавымі і пісаць заявы на беларускамоўнае навучанне, а чыноўнікаў, не чакаць гэтага і першымі стварыць паўсюдную адукацыю на роднай мове, каб вечна жыла Беларусь!

31 жніўня 2020 г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 138 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»