07.08.2020

ЗА БЕЛАРУСЬ

ЗА БЕЛАРУСЬ

Мы - з крыніцы адзінай.
Мы, як злітыя рэкі,
Нашай любай Радзімай
Мы з'яднаны навекі.
Пятрусь Макаль

Пісаць пра палітычныя падзеі не планаваў, але не выказацца не магу, хоць гэта справа і не ўдзячная. Чаму не ўдзячная, бо сярод маіх сяброў, падпісчыкаў і не толькі, ёсць шмат людзей з адрозным ад майго меркаваннем, што можа выклікаць пэўныя супярэчнасці. Я паважаю выбар кожнага, тым больш, што ведаю, што ўсе мы любім Беларусь, але маю свой погляд на палітычныя падзеі, што адбываюцца, і хачу падзяліцца ім, магчыма, гэта будзе некаму карысна, каб пасля зрабіць уласныя высновы. Лічу, што ўсе мы павінны мець сваю пазіцыю, галоўнае, каб яна была на карысць Бацькаўшчыны, і таму, я гатовы да канструктыўнай крытыкі, плённай дыскусіі. У дадзеным артыкуле паспрабую сфармуляваць сваю пазіцыю па сітуацыі, якая склалася вакол пэўных кандыдатаў у Прэзідэнты, абапіраючыся пераважна на разнастайныя матэрыялы ў СМІ, а таксама на меркаванні розных вядомых людзей, экспертаў, каб быць больш аб'ектыўным. Хаця аб'ектыўнасць у выбарчай кампаніі справа суб'ектыўная і абапіраецца больш не на факты, а на веру ў пэўныя ідэі, магчымасці, харызму чалавека і іншыя рэчы, звязаныя з эмацыйна-пачуццёвым фактарам. З уласнага палітычнага вопыту магу сказаць, што большасць галасуе не за праграмы кандыдатаў, а за моцнага лідара, які адпавядае нацыянальным інтарэсам, мае дакладна акрэсленую пазіцыю па развіцці дзяржавы і сапраўды здольны прымаць рашэнні, і за іх адказваць. Праграма – усяго толькі дадатак, які прымаецца да ведама. Выбары можна параўнаць з экзаменам, толькі не перад камісіяй, а перад народам. Калі ў вас аднолькавыя балы, то ў ход ідуць дыпломы, рэкамендацыі, іншыя заслугі, а ў кандыдатаў – праграма. Таму, не буду засяроджвацца на праграмах, а сканцэнтруюся на сітуацыі, якая склалася вакол кандыдатаў і іх груп падтрымкі, хаця буду шчырым, гаворка пойдзе ў асноўным пра аб'яднаны жаночы штаб, як новы палітычны праект.

Выбарчая кампанія 2020 сапраўды атрымалася вельмі насычанай на падзеі ад самага пачатку, і інакш быць не магло, бо гэта – галоўныя выбары для Беларусі, выбары Прэзідэнта, лідара нацыі, чалавека, які будзе кіраваць нашай Рэспублікай бліжэйшыя пяць гадоў, і не толькі захавае ўсё тое, што ўжо зроблена, а памножыць гэта, прывядзе да яшчэ большага дабрабыту наш народ, будзе працягваць працэс ўмацавання дзяржавы.

Як вядома, да фінішнай прамой дайшлі некалькі кандыдатаў, якія маюць падтрымку ў грамадстве, не маюць праблем з дэкларацыяй і законам і па Канстытуцыі могуць быць зарэгістраванымі. Але ў той жа момант, падчас гэтай выбарчай кампаніі з'явілася шмат рознагалоссяў, меркаванняў, поглядаў і падзелу на палітычнай глебе, што звязана з равіццём разнастайных каналаў, хуткасцю перадачы інфармацыі і інтэрнэта ў цэлым. Хачу адразу адзначыць, што розныя меркаванні – гэта вельмі добра, без альтэрнатывы няма прагрэсу. Найлепшыя падыходы можна выпрацаваць выключна ў канструктыўнай гутарцы, калі ёсць некалькі разнастайных думак, але абавязкова аб’яднаных адной мэтай, ідэяй і моцным падмуркам. Любую ідэю, пазіцыю, а тым больш кандыдата ў Прэзідэнты, не варта адразу ўспрымаць адназначна, трэба яе прааналізаваць і паспрабаваць знайсці падмацаванне слоў рэальнымі фактамі, у тым ліку і праз біяграфію, ўчынкі, ранейшыя выказванні і дзеянні. Не правільна прымушаць апанентаў, нават сяброў, таварышаў да свайго пункту гледжання і тым больш дзяліць на сваіх і чужых па перакананнях, як гэта робіцца ў штабе жаночага “трыа” (не называю імя іх лідара, бо яго там няма). Трэба заўсёды памятаць, што мая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага. Узгадваюцца словы з песні, якую выконваў Аляксандр Кулінковіч: “Свабоду не аддам нікому, свабоду не аддасць ніхто мне”. Рознасць палітычных поглядаў – гэта нармальная з’ява, але чытаючы заявы штаба жаночага “трыа” і ўлётак, якія яны распаўсюджваюць, то ўзнікае ўражанне, што толькі яны маюць рацыю, а іншыя не, ідзе здзек з усіх, хто не з імі. Я не кажу пра іх супрацьстаянне дзеючаму кіраўніку дзяржавы, бо сутнасць удзелу ў любых выбарах – перамога, таму, гэта лагічна, але нават альтэрнатыўныя яму прэтэндэнты на вышэйшы пост аказваюцца палітыкамі, якіх ніхто па меркаванні жаночага “трыа” не падтрымлівае, і яны абавязкова павінны зняць свае кандыдатуры на карысць аб’яднанага жаночага штаба. Скажу, што ў кожнага, хто прэтэндуе на вышэйшы пост, ёсць падтрымка народа ў той ці іншай колькаснай ступені. Ведаю шмат людзей, якія б ніколі не падпісаліся за жаночае “трыа”, таму і не лічу правільным з боку іх штаба заяўляць пра тое, што ўсе на іх баку. Я таксама не за іх. Патлумачу чаму. Па-першае, мне ў большасці не блізкія пазіцыі банкіра і дыпламата ПВТка, якія ніводнага слова не прамовілі па-беларуску за ўвесь перыяд сваёй актыўнасці і вельмі цьмяна выказаліся пра нацыянальную палітыку, беларускую мову і разуменне сутнасці і ролі кіраўніка дзяржавы. Лічу, што Прэзідэнт – гэта лідар, а не мэнэджар, Канстытуцыя 1994 году, якую прапануе вярнуць банкір, чамусьці вяртае ўсё, акрамя адзінай беларускай мовы, а гэта – відавочны крок да аслаблення дзяржавы, здрада беларускім інтарэсам на карысць суседняй краіны, адкуль і цягнецца іх след з дыпламатам ПВТкам, які адназначна з’яўляўся дублёрам, што і пацвердзіў сваімі выказваннямі, у якіх прасіў Расійскі бок, і не толькі, умяшацца ў нашыя выбары, апраўдаць баявікоў групы “Вагнэр”. Як кажуць у народзе – абое рабое. Што тычыцца непасрэдна Святланы, то яна не лідар, а проста закладніца абставін, чалавек, якім вельмі добра маніпулююць лялькаводы з “Газпрамаўскай мафіі”. Асабіста я не падтрымліваю тых палітыкаў, якія не адназначныя ў сваіх выказваннях. Спачатку муж Святланы заклікае на байкот, а яна цяпер агітуе за максімальную яўку. Нешта тут не чыста, адчуваецца нечы ўплыў, але не пра гэта. Галасаваць за асобу, якая проста, як яна сама кажа, толькі “сцяг” лічу няправільным, бо яна ні за што не адказвае. І сёння яна гаворыць пра перамены, а заўтра яе “лялькаводы” нашэпчуць ёй нешта іншае. Ды і пытанне пра перамены адкрытае. Няма ніякай дакладнасці, а тым больш нацыянальнага вектару ні пра развіццё беларускай мовы, ні пра падтрымку культуры і эканомікі, нават каталонскую песню «L'Estaca», яны круцяць у рускай версіі, хаця песня ёсць на роднай мове. “Газпрамаўскай мафіі” варожа ўсё беларускае, яны разумеюць, што мова – гэта і ёсць нацыя, таму і спрабуюць яе вынішчыць. У гэтай мафіі адна гаворка – пра новыя выбары. Узнікае пытанне: як іх закладніца Святлана прызначыць, калі гэта задача Парламента? Думаю, што гэта міф. Бо “лялькаводам” не трэба моцны лідар, ім неабходна марыянетка, якой яны будуць кіраваць, пакуль не знішчаць Беларусь і не выцягнуць нашыя рэсурсы. Таму, назіраючы за сітуацыяй, больш за ўсё хачу засцерагчы людзей ад выбару супраць, на злосць. Такі выбар вельмі шкодны. Як адзначыў лідар Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк: “Святлане нябачна і не зразумела, хто хацеў бы выехаць на яе плячах, каб захапіць уладу ў Беларусі”.

Вынікаючы з гэтага, у першую чаргу мы павінны засяродзіць увагу на нацыянальных інтарэсах: захаванні незалежнасці і беларускай мовы, культуры, традыцыйных каштоўнасцей нацыі, а гэта можа толькі сапраўдны лідар. Сярод усіх альтэрнатыўных кандыдатаў такога не назіраю, таму мой выбар відавочны #ЗАБЕЛАРУСЬ.

07 жніўня 2020г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 203 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»