25.05.2020

Патрыятычны адпачынак

Патрыятычны адпачынак

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці.

Рыгор Барадулін

Літаральна нядаўна еду ў машыне і чую па радыё, што Францыя сёлета прапанавала сваім грамадзянам у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце больш падарожнічаць па родных мясцінах. І тут я падумаў, што і беларусам таксама на замежны адпачынак улетку 2020 можна забыцца.

Праўда, у любой, нават такой складанай сітуацыі, ёсць два бакі медаля, таму трэба шукаць станоўчыя моманты, і таму лічу вартым парэкамендаваць суайчыннікам скласці маршрут адпачынку па родных мясцінах Беларусі. Магчымасць павандраваць па Радзіме, наведаць знакавыя месцы Бацькаўшчыны, на жаль, звычайна адкладваецца на пасля, але зараз самы час.

Вось і мой сябар Віталь разам з каханай вырашыў не сумаваць па страчаных білетах у Турцыю, а спланаваць абсалютна іншы від адпачынку. Па-першае, адпачынак вельмі актыўны, бо ён з’яўляецца аматарам матацыклаў і плануе, што яны праедуць больш за 3000 тысячы кіламетраў на ягоным рарытэтным “Мінскачы” 1973 году выпуску і не будуць затрымлівацца ні ў адным горадзе болей, чым на суткі. Многія, магчыма, запытаюцца: чаму ў майго сябра матацыкл “Мінск”, ды і яшчэ такі стары. Адразу хачу адзначыць, што таксама ўвесь час задаваў яму пытанне на гэту тэму, бо, насамрэч, у яго ёсць і больш сучасны і больш моцны матацыкл замежнай маркі. Але, калі хто не ведае, то класічны матацыкл Мінск ММВЗ-3.111 для яго як аўтаінжынера – паказчык дасягнення айчыннай думкі ў напрамку стварэння мотатэхнікі, матацыкл, які нагадвае пра тое, што беларусы маюць сваю марку, ні чым не горшую за іншыя і наогул, па яго сцвярджэннях, у 1990-ыя завод распрацаваў больш моцны матацыкл, які павінен быў адкрыць новы этап ў мотапраектывнні, але з-за фінансавых цяжкасцей задума так і не была рэалізавана. Гэта, як кажуць, не правераная інфармацыя, на ўзроўні легенды, але я ўпэўнены, што такое сапраўды мела месца быць і веру, што мы вернем сабе лідарства ў індустрыі мотатэхнікі, бо аказваецца, матацыкл Мінск, першы айчынны кросавы матацыкл, які з’яўляецца аб’ектам калекцыявання і лідарам у свой час не толькі продажаў, яго куплялі амаль у 45 краінах свету, а таксама пераможцам шашыйна-кальцавых гонак, матацыклам, які даказаў сваю надзейнасць, нават у амерыканскім тэлешоў, калі перасёк Індыю ўздоўж і ўпоперак ў адрозненні ад сваіх замежных аналагаў і не зламаўся. Карацей, Віталь падкрэсліў, што вандраваць на “Мінскачы” – гэта вельмі патрыятычна, крута і добра стасуецца з помнікамі архітэктуры, гістарычнымі фактамі і, канешне, з разнастайнасцю беларускіх гарадоў і вёсак, бо “Мінскач” даўно сам з’яўляецца часткай нашай культуры. Таму ён даўно чакаў такога моманту, каб праехаць праз усю Беларусь ад Мінска да Магілёва, праз Брэст і Гародню, з Віцебска ў Гомель, з Мінскай вобласці і назад у Мінск менавіта на роднай мотатэхніцы. Дарэчы, у яго атрымаецца вельмі патрыятычны адпачынак – не толькі таму, што ўсё будзе звязана з нашай краінай, а і таму, што грошы таксама будуць патрачаны тут, а не вывезены за мяжу, што дапаможа хутчэй аднавіць працу эканомікі, а, магчыма, і дасць новы штуршок для ўнутранага турызму, што немалаважна для перспектывы гэтага напрамку, патэнцыял якога, на жаль, у нас не да канца рэалізаваны.

Што ў выніку хочацца адзначыць, дык гэта тое, што у нас сапраўды ёсць, што паглядзець і дзе адпачыць, і гэта не толькі вежы і палацы, цэрквы і касцёлы, музеі і сядзібы, гарады і вёскі, прырода: рэкі і азёры, лясы і палі, унікальныя балоты і нематэрыяльная культура: абрады і песні, танцы і гульні, святы і рэгіянальныя асаблівасці, розныя гаворкі і дыялекты, стравы і іх рэцэпты, а, канешне, добрыя людзі, як пяецца ў вядомай песні ансамбля “Сябры” на верш Алеся Бадака.

Таму раю ўсім больш вандраваць па Беларусі, бо наша краіна надзвычай багатая, так як мае 1000-гадовую гісторыю, ведаць і дакранацца да якой, а таксама адчуваць, што ты з’яўляешся яе часткай – сапраўднае шчасце.

22 мая 2020г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 397 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»